Майстар-клас Актыўныя прыёмы, сродкі і спосабы навучання на ўроках беларускай мовы
Майстар-клас «Актыўныя прыёмы, сродкі і спосабы навучання на ўроках беларускай мовы»
Мэта: плануецца, што ўдзельнікі майстар-класа авалодаюць ведамі пра асноўныя прыёмы, сродкі і спосабы навучаня, будуць мець уяўленне аб магчымасцях дадзеных прыёмаў для павышэння матывацыі вучняў.
Задачы:
- стварыць умовы для павышэння матывацыі ўдзельнікаў майстар-класа;
- садзейнічаць развіццю навыкаў распрацоўкі асноўных прыёмаў;
- стварыць умовы для самарэалізацыі педагогаў і стымулявання іх прафесійнага ўзросту.
Абсталяванне: рабочыя запісы на дошцы, воблака слоў, рубрыкі, сінквейн, табліца, мульціборд.
Эпіграф: Настаўнік – гэта чалавек, у руках якога расце Душа!
Ход майстар-класа
Ⅰ. Арганізацыйны момант. Стварэнне эмацыянальнага настрою
Майстар: Ой, колькі ў кабінеце назоўнікаў! Усіх адразу і не пералічыш. А чаму я не бачу дзеясловаў? Куды яны пахаваліся? Хтосьці сказаў, што яны ўсё ж такі знаходзяцца ў кабінеце беларускай мовы. Значыць, яны на працягу ўрока будуць побач з намі. І мы ў любую хвіліначку можам пазваць іх на дапамогу. Здаецца, я не памыліўся. А вось і першы наш памочнік. У словазлучэнні ён з’яўляецца галоўным. І гэты дзеяслоў хоча пажадаць нам … .
− Так чаго хоча пажадаць нам гэты дзеяслоў?
− Як яго завуць?
Ⅱ. Актуалізацыя ведаў
Майстар: У сваім маўленні мы найчасцей выкарыстоўваем назоўнікі, прыметнікі і дзеясловы. Зразумела, што кожная часціна мовы мае сваё прызначэнне.
- Так якое прызначэнне назоўнікаў?
- А чаму заўсёды побач з назоўнікамі знаходзяцца прыметнікі?
- Тады якая роля адводзіцца дзеясловам? (Яны ажыўляюць навакольны свет.)
Вы хочаце ажывіць назоўнікі? Але перад гэтым давайце паслухаем… . Але не буду забягаць наперад. ( Рубрыка “Гэта цікава ведаць.”)
- Дзень добры, мае гледачы! У эфіры вядучая рубрыкі “Гэта цікава ведаць” Панцюк Карына. Я зараз хачу пагутарыць пра прафесіі, якія амаль або зусім зніклі. Рымар, бондар, рамізнік, балагол, ліхтаршчык, гарбар, бортнік… Падобны шэраг прафесій можна доўжыць. Не шмат нашых сучаснікаў упэўнена скажуць, чым канкрэтна ў мінулым займаліся гэтыя спецыялісты.
Але ж цікава ведаць! А давайце звернемся да прафесіі рамізніка. Слухайце мяне ўважліва. Рамізнік – гэта чалавек, які кіруе коннай павозкай. Раней гэта быў адзіны спосаб дабрацца ў пункт прызначэння як мага хутчэй. Прафесія рамізніка ў гарадах была вельмі распаўсюджанай. Праца была цяжкая. Увесь дзень рамізнік праводзіў на вуліцы. Добра яшчэ летам, а зімой, восенню, вясной?
Цікава? Тады слухайце далей. А вось бортнікі – гэта пчаляры, якія займаліся ўтрыманнем і доглядам бровак (лясных пчолаў) у борцях. Бортнікі рабілі новыя борці і засялялі іх, рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчолаў ад неспрыяльнага надвор’я. Можа, хтосьці не зразумеў, што такое борці? Пастараюся дапамагчы. Борці – гэта дуплы ў дрэвах. Сяляне адшуквалі ў лесе пчаліныя дуплы-борці, выбіраючы мёд. Бортніцтва таксама лічылася візітнаю карткай беларускага Палесся.
Праца ў парах. Прыём “Воблака слоў”. А зараз па воблаку слоў вызначце, хто што робіць. (Назвы прафесій: бортнік, шавец, рамізнік, каваль, цырульнік, настаўнік, пісьменнік, цясляр, муляр, камінар, кравец. Дзеянні: рамантуе, шые, рыхтуе, перавозіць, робіць, вучыць, стрыжэ, піша, устанаўлівае, узводзіць, чысціць. Дзеянні, накіраваныя на прадметы: борці, адзенне, кліентаў, людзей, сцены, твор, вокны, коміны, качаргу, дзяцей, абутак.)
Узор выканання: Кравец шые адзенне.
Шавец рамантуе абутак.
Каваль робіць качаргу.
Настаўнік вучыць дзяцей.
Цясляр устанаўлівае вокны.
Камінар чысціць коміны.
Муляр узводзіць сцены.
Пісьменнік піша твор.
Цырульнік стрыжэ кліентаў.
Рамізнік перавозіць людзей.
Бортнік рыхтуе борці.
- Ажывілі назоўнікі? Так што ў нас атрымалася? (Удзельнікі майстар-класа зачытваюць свае адказы.)
Звярніце ўвагу на тое, што тут дзеянні непасрэдна накіраваны на прадметы.
- Як называюцца такія дзеясловы?
- У якім склоне ўжываюцца назоўнікі пры пераходных дзеясловах?
Ⅲ. Матывацыйны этап
Майстар: Прааналізуйце апорную табліцу. Вызначце, што вы павінны ведаць з папярэдніх тэм. (Удзельнікі майстар-класа вызначаюць, што яны павінны ўсё ведаць пра неазначальную форму дзеяслова, умець ставіць дзеясловы ў 3-й асобе адзіночнага ці множнага ліку). А зараз давайце ўстроім невялічкую зарадку для мазгоў. Вы згодны?
Франтальная гутарка. Прыём “Мазгавы штурм”.
- На якія пытанні адказвае неазначальная форма дзеяслова?
- Інфінітыў – гэта якая форма дзеяслова?
- Якіх форм не мае інфінітыў?
- Якія суфіксы маюць дзеясловы ў неазначальнай форме?
- Інфінітыў толькі называе … .
- Чытаць – гэта неазначальная форма дзеяслова?
- Вучыць - гэта неазначальная форма дзеяслова?
- У спалучэнні цца першая літара ц можа з’яўляцца суфіксам інфінітыва?
- У дзеяслове бегчы суфікс… .
Майстар: Вы добра ведаеце папярэдні матэрыял. Ён вам спатрэбіцца на сённяшнім уроку.
Ⅳ. Інфармацыйна-пошукавы этап
Праца па табліцы “Утварэнне зваротных дзеясловаў”
|
Утварэнне зваротных дзеясловаў |
Правапіс |
Прыклады |
|
Інфінітыў на –ць + -ся |
-цца |
Галіць – галіцца, мыць – мыцца, ператварыць - ператварыцца |
|
Дзеяслоў 3-асобы адз. ці мн. ліку + -ся |
-цца -ца |
Малюецца (яно малюе), пырскаецца (яно пырскае), пачынаюцца (яны пачынаюць), мыюцца (яны мыюць)
|
Работа ў парах. Запішыце дзеянні, якія выконваюць спецыялісты той ці іншай прафесіі, у пачатковай форме. Абазначце суфіксы. Ад дзеясловаў неазначальнай формы ўтварыце зваротныя дзеясловы. (Гл. прыём “Воблака слоў”.)
Узор выканання: рамантаваць (што рабіць?) – рамантавацца.
Фізкультхвілінка. А зараз давайце хвіліначку адпачнём. Пакажыце, якія дзеянні выконвае спецыяліст той ці іншай прафесіі ці якога-небудзь роду заняткаў. Напрыклад: вадзіцель, бягун, плывец, спявак, грыбнік, каваль, вучань.
Ⅴ. Трэніровачна-карэкцыйны этап
Майстар: Адпачнулі? Тады зноў за працу. (Рубрыка “Слоўнік”.)
- У эфіры вядучая Панцюк Карына са сваёй новай рубрыкай “Слоўнік”. Цікава, а як перакладаюцца некаторыя прафесіі з беларускай мовы на рускую. Магчыма, вы тады адразу зразумееце, чым займаліся людзі той ці іншай прафесіі. Слухайце мяне ўважліва. Кухар – гэта повар, а кравец – портной. Я вас зацікавіла? Тады я перакладаю наступныя словы: шавец – сапожник, цырульнік – парикмахер, муляр – каменщик, цясляр – плотник, каваль – кузнец, мытнік – таможенник. А вось яшчэ адна прафесіі, якая існавала раней. І мела гэта прафесія вельмі цікавую назву – стальмах. А зараз перакладзём гэта слова на рускую мову. Стальмах – гэта тележник. Так чым займаўся стальмах? Стальмах – гэта майстар, які рабіў калёсы (телеги), сані. Я думаю, што вы ўсё зразумелі. (Званок у студыю.)
– Дзень добры!
− І я вам жадаю добрага дня.
− Мяне вельмі зацікавіла прафесія лагіста. Вы не маглі б растлумачыць, чым канкрэтна займаецца спецыяліст гэтай прафесіі.
− Цікавае пытанне! Пастараюся дапамагчы. Дык вось лагіст – гэта спецыяліст па арганізацыі транспарціроўкай прадукцыі.
− Вялікі дзякуй! Вы мне вельмі дапамаглі. Да пабачэння!
− Дзякуй за званок! Да новых сустрэч у эфіры!
Майстар: Вельмі цікавая рубрыка! Добра, што можна звярнуцца за дапамогай у студыю. А ці запомнілі вы пераклад назваў прафесій з беларускай мовы на рускую? А вось словы заблыталіся. Назвы прафесій на рускай мове не могуць знайсці сваю адпаведную пару. Дапамажыце ім.
Праца ў парах. Прыём “Адшукай”.
Стальмах – таможенник;
каваль – плотник;
цырульнік – тележник;
шавец – каменщик;
рамізнік – портной;
мытнік – парикмахер;
цясляр – извозчик;
кухар – сапожник;
муляр – повар;
кравец – кузнец.
Праца ў парах. Гульня “Хто хутчэй”. Звярніце ўвагу на пералік прафесій. Выйграе той, хто хутчэй запіша традыцыйныя прафесіі і абгрунтавана растлумачыць свой выбар.
Назвы прафесій: кухар, доктар, настаўнік, шавец, інжынер, археолаг, мультыплікатар, ганчар, міліцыянер, маркетолаг, цырульнік, праграміст, зваршчык, электрык, мытнік, паштальён, дызайнер.
Майстар: Зразумела, што людзі кожнай прафесіі павінны валодаць пэўнымі якасцямі. Звернемся да эпіграфа нашага ўрока. Удумліва прачытайце словы. Як вы іх разумееце? Чаму прафесія настаўніка вылучана сярод іншых традыцыйных прафесій? А якім вы ўяўляеце сучаснага настаўніка?
Індывідуальная праца. Складзіце сінквейн на тэму “Настаўнік” .
Узор выканання:
- Настаўнік.
- Справядлівы, сучасны.
- Любіць, вучыць, ганарыцца.
- Настаўнік – гэта асаблівая прафесія.
- Творца.
Калектыўная праца. Заданне выконваецца вусна. Падбярыце як мага больш зваротных дзеясловаў, якія абазначаюць дзеянні, што накіраваны на самога ўтваральніка дзеяння. Утваральнікам дзеяння з’яўляецца настаўнік. Выкарыстайце зваротныя дзеясловы.
Узор выканання: Настаўнік павінен сваімі вучнямі ганарыцца, … .
Ⅵ. Франтальная праверка ведаў. Тэматычны кантроль
- Прыём “Карэктар”. Ці правільна вызначаны ў дзеясловах постфіксы? Выпраўце, калі ёсць памылкі.
Любавацца, збіраецца, раздаюцца, мыюся, пачынацца.
- Ад дзеяслова неазначальнай формы будаваць утварыце зваротны дзеяслоў. Абазначце постфікс.
- Прыём “Хто што робіць”.
Бортнік … .
- Прыём “Пазнай прафесію”.
Хто да позняга вечара тынкаваў сцены?
- Прыём “Перакладчык”.
Колёсник – …
- Рэфлексія
Ацаніце сваю працу на ўроку толькі адным безасабовым сказам. Выкарыстайце зваротныя дзеясловы.