Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў праз выкарыстанне эфектыўных арфаграфічных заданняў пры вывучэннi вучэбнага прадмета Беларуская мова
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Сярэдняя школа №13 г. Мазыра”
АРТЫКУЛ
“РАЗВІЦЦЁ ПАЗНАВАЛЬНАЙ АКТЫЎНАСЦІ ВУЧНЯЎ ПРАЗ ВЫКАРЫСТАННЕ ЭФЕКТЫЎНЫХ АРФАГРАФІЧНЫХ ЗАДАННЯЎ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА «БЕЛАРУСКАЯ МОВА»
Дзядкоўская Ірына Мікалаеўна,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
У канцэпцыі вучэбнага прадмета “Беларуская мова” адным з прынцыпаў навучання акрэсліваецца матывацыйны прынцып, накіраваны на фарміраванне ў вучняў трывалых навыкаў літаратурнага вымаўлення і правапісу; забяспечанне развіцця лагічнага мыслення, выпрацоўку спосабаў навучальнай дзейнасці, неабходных для асэнсавання законаў беларускай мовы, выяўлення значэння, формы выражэння і функцый моўных адзінак; выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыццядзейнасці: пазнавальнай, навучальнай, вытворчай, нацыянальна-культурнай, побытавай [1]. Арфаграфічная пісьменнасць з'яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай і агульнай культуры чалавека. Для таго каб авалодаць арфаграфіяй, неабходны добра развіты маўленчы слых, веданне граматыкі, актыўнае валоданне дастатковым запасам лексікі, развітыя памяць, мысленне. Менавіта таму ў сваёй практыцы вялікую ўвагу надаю развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў як сродку фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці.
Над праблемай пазнавальнай актыўнасці вучняў у розныя перыяды развіцця педагогікі працавалі В.А. Сухамлінскі, С.М. Лысянкова, Г.І. Шчукіна, Н.Р. Марозава, М.І. Запрудскі, С.С. Кашлеў, А.Г. Сарока. Г. І. Шчукіна лічыць, што пазнавальная актыўнасць – “гэта пэўная накіраванасць асобы, звернутая да вобласці пазнання, да яе прадметнага боку і да самога працэсу авалодання ведамі” [6, с. 11]. На думку Г. І. Шчукінай, фарміраванню пазнавальнай актыўнасці спрыяюць такія групы ўмоў, як змест навучання, працэс пазнавальнай дзейнасці вучняў і адносіны, якія складваюцца ў адукацыйным працэсе паміж яго ўдзельнікамі. Прыметамі пазнавальнай актыўнасці вучняў, на думку М.П. Восіпавай, з’яўляюцца: адносіны да навучання (у чым бачаць сэнс навучання, рэгулярнасць і якасць падрыхтоўкі дамашніх заданняў); якасць ведаў (веданне матэрыялу вучэбнай праграмы, уменне выкарыстоўваць веды на практыцы); характэрныя асаблівасці вучэбнай дзейнасці (разумовая актыўнасць, сканцэнтраванасць, устойлівасць увагі, эмацыянальна-валявыя праяўленні, ступень знешняй актыўнасці); адносіны да пазавучэбнай дзейнасці (захопленасць ёю, сістэмнасць, накіраванасць). Даследчык І. Ч. Босы адзначае, што “пазнавальная актыўнасць вучня выражаецца ў імкненні вучыцца, пераадольваючы цяжкасці на шляху здабывання ведаў, у прыкладанні максімуму асабістых валявых намаганняў і энергіі ў разумовай працы” [2, c. 3-7]. І.І. Падласы адзначае, што “пазнавальная актыўнасць вучня выражаецца ў імкненні вучыцца, пераадольваючы цяжкасці на шляху набыцця ведаў, у прыкладанні максімуму уласных валявых намаганняў і энергіі ў разумовай працы” [3, с. 95]. М.Р. Старыкава адзначае, што эфектыўная вучэбная дзейнасць пачынаецца з арганізацыі умоў, пры якіх яна працякае найбольш зручна [4, с.4]. Такім чынам, развіццё пазнавальнай актыўнасці – гэта працэс, пры якім ствараюцца ўмовы, неабходныя для пазнавальнай актыўнасці вучняў, а вучань праяўляе гэтую пазнавальную актыўнасць.
Важным рэсурсам навучання беларускай мове з’яўляецца развіццё пазнавальнай актыўнасці як сродку павышэння арфаграфічнай граматнасці вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Прааналізаваўшы дыягностыку ўзроўню пазнавальнай актыўнасці і пазнавальнай патрэбнасці вучняў 5 класа (методыкі: «Дыягностыка ўзроўню пазнавальнай актыўнасці вучняў» (Г.І. Шчукіна, Т.І. Шамава), «Дыягностыка пазнавальнай патрэбнасці» (В.С. Юркевіч), прыйшла да высновы, што только 16% вучняў маюць высокі ўзровень, 20% — нулявы ўзровень пазнавальнай актыўнасці (малюнак 1).
Малюнак 1 “Дыягностыка ўзроўню пазнавальнай актыўнасці вучняў”
Толькі 24% вучняў могуць самастойна знайсці адказ на пастаўленае пытанне, 32% вучняў эмацыянальна адносяцца да цікавых для іх спраў, цікавых заданняў, 28% вучняў задаюць пытанні пры вывучэнні вучэбнага матэрыялу (малюнак 2).
Малюнак 2. “Вынікі дыягностыкі пазнавальнай патрэбнасці вучняў”
Вучоныя вызначаюць пазнавальную актыўнасць як якасць дзейнасці вучня, якая праяўляецца ў яго адносінах да зместу і працэсу навучання, у імкненні да эфектыўнага авалодання ведамі і спосабамі дзейнасці за аптымальны час, у мабілізацыі духоўна-валявых намаганняў на дасягненне вучэбна-пазнавальнай мэты. Сістэматычнае выкарыстанне арфаграфічных заданняў на вучэбных занятках спрыяе павышэнню арфаграфічнай граматнасці вучняў і матывацыі да вывучэння беларускай мовы, развіццю іх інтэлектуальнай і камунікатыўнай культуры. Мною распрацавана сістэма, якая заключаецца ў эффектыўным выкарыстанні арфаграфічных заданняў на этапах вучэбных заняткаў (табл.1).
Табліца 1
Этапы павышэння арфаграфічнай граматнасці вучняў
|
Этапы работы |
Сістэма заданняў |
Плануемы вынік |
|
I. Этап праверкі дамашняга задання 5- 9 клас |
Пісьмо па памяці; рэдагаванне тэкстаў; каменціраваны дыктант; размеркавальны дыктант; арфаграфічны разбор слова; прыём “Карэктар”; праблемнае пытанне |
Павышэнне базавых ведаў, уменняў бачыць арфаграму і яе апазнавальныя адзнакі. Авалоданне спосабамі праверкі напісання. Уменне карыстацца памяткай “Работа над памылкамі” |
|
II. Этап падрыхтоўкі вучняў да актыўнага засваення вучэбнага матэрыялу 5 - 9 клас |
Слоўнікавыя дыктанты (каменціраваны, выбарачны, размеркавальны, лічбавы); тэставыя заданні; узнаўленне правіла па схеме; пераклад слоў, словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую; прыём “Свая апора”; прыём “Тэма ў пытаннях” |
Знаходжанне арфаграм у словах розных часцін мовы. Графічнае абазначэнне арфаграм; тлумачэнне напісання слоў; прывядзенне прыкладаў аналагічных напісанняў; падбор аднакаранёвых слоў |
|
III. Этап засваення новых ведаў 5 - 9 клас |
Праца з арфаграфічным слоўнікам; складанне табліц, схем; пераклад слоў, словазлучэнняў з рускай мовы на беларускую; узнаўленне правіла па схеме; арфаграфічны разбор слова; праблемная пытанне |
Веданне асноўных правіл напісання галосных і зычных, напісання слоў разам, праз злучок і асобна. Уменне правільна вымаўляць гукі і іх спалучэнні; правільна ставіць націск у словах; пісаць словы ў адпаведнасці з вывучанымі арфаграфічнымі правіламі |
|
IV. Этап праверкі разумення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу 5-9 клас |
Слоўнікавыя дыктанты; тэставыя заданні; узнаўленне правіла па прапанаванай схеме; прыём “Ключавыя словы і выразы”; гульня “Прапушчаная літара” |
Уменне правільна вымаўляць гукі і іх спалучэнні; правільна ставіць націск у словах; пісаць словы ў адпаведнасці з вывучанымі арфаграфічнымі правіламі. Графічнае абазначэнне арфаграм; тлумачэнне напісання слоў |
|
V. Этап замацавання новага вучэбнага матэрыялу 5-9 клас |
Слоўнікавыя дыктанты; пераказ; сачыненне; тэставыя заданні; узнаўленне правіла па прапанаванай схеме; складанне тэставых заданняў; складанне слоўнікавых дыктантаў; прыём “Тэма ў пытаннях”; прыём “Свая апора”; прыём “Карэктар” |
Уменне знаходзіць арфаграмы ў словах розных часцін мовы. Графічнае абазначэнне арфаграм; тлумачэнне напісання слоў; прывядзенне прыкладаў аналагічных напісанняў; падбор аднакаранёвых слоў. Уменне вызначаць марфемы, утваральную аснову слова, падбіраць аднакаранёвыя словы |
|
VI. Этап падвядзення вынікаў урока 5-9 клас |
Бліц-тэст, узнаўленне правіла па прапанаванай схеме; прыём “Карэктар”, прыём “Пільнае вока”, заданне “Лішняе слова”, заданне “Падбяры сваякоў” |
Уменне вызначаць марфемы, утваральную аснову слова, падбіраць аднакаранёвыя словы. Тлумачэнне напісання слоў; прывядзенне прыкладаў аналагічных напісанняў |
|
VII. Этап інфарміравання вучняў аб дамашнім заданні 5-9 клас |
Творчыя дыктанты; складанне тэставых заданняў; складанне слоўнікавых дыктантаў; прыём “Тэма ў пытаннях”; прыём “Ліст з белымі плямамі” |
Засваенне спосабаў праверкі правільнага напісання слоў. Уменне карыстацца арфаграфічным слоўнікам
|
На вучэбных занятках ствараю ўмовы псіхалагічнага камфорту, каб кожны вучань, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі, мог ператварыцца з аб’екта навучання ў паўнапраўны суб’ект педагагічнага працэсу, звязанага з актывізацыяй авалодання ведамі, уменнямі, сродкамі вучэбнай дзейнасці. Урок пачынаю з прыёмаў “Падары кветку”, “Камплімент”, “Псіхалагічны прагноз”, “Усміхніся”. На кожным уроку праводжу арфаграфічнай хвілінкі (дазвалююць за кароткі тэрмін выявіць узровень засваення матэрыялу, актывізуюць увагу вучняў, якая стварае аснову для развіцця арфаграфічнай пільнасці). Формы правядзення і праверкі выканання гэтых заданняў кожны раз вар’ірую (вусныя адказы, самастойная работа ў сшытках і на дошцы, каменціраванае пісьмо, самаправерка, узаемаправерка, выпраўленне памылак на дошцы). Для развіцця арфаграфічнай граматнасці вучняў выкарыстоўваю разнастайныя віды практыкаванняў: разборы слова (арфаграфічны, фанетычны, словаўтваральны, марфемны, марфалагічны); падбор сінонімаў, антонімаў; узнаўленне правіла па дадзенай схеме; праца з арфаграфічным слоўнікам; пераклад слоў, сказаў, тэкстаў з рускай мовы на беларускую; напісанне слоў па памяці і падкрэсліванне арфаграм; індывідуальныя і групавыя, вусныя і пісьмовыя, тэматычныя, трэніровачныя тэставыя заданні; стварэнне ўласных тэставых заданняў; арфаграфічныя хвілінкі; арфаграфічныя дыктанты.
У 5 класе арганізую калектыўную дзейнасць вучняў на вучэбных занятках. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Вымаўленне і правапіс галосных о, э, а” на этапе праверкі дамашняга задання праводжу слоўнікавую работу (пісьмо з прагаворваннем). Вучні прагаворваюць гукі, тлумачаць напісанне слоў і запісваюць словы: г..рбарый, с..кунда, зефір, п..рсцёнак, л..сны, верац..но, л..снічоўка, зелень, пояс, памяць. На этапе падрыхтоўкі вучняў да актыўнага засваення вучэбнага матэрыялу прапаную запісаць пад дыктоўку словы горы, дрэва, стол, цэгла. Напісанне гэтых слоў не выклікае цяжкасцей, вучні тлумачаць іх правапіс. Запісваем слова драўляны. На дошцы запісваю варыянты напісання: дрэўляны, драўляны. Чаму вы напісалі розныя літары? Якое ўзнікае пытанне? Якой будзе тэма ўрока? Якую праблему будзем вырашаць? Пачынаецца этап рашэння вучэбнай задачы (вучэбны дыялог): вучні робяць “адкрыццё”, самастойна выводзяць правіла. На этапе засваення новых ведаў вучні складаюць схему-апору (табл. 2).
Табліца 2
Правапіс слоў з літарамі о, э – а
|
Лiтара о пiшацца: |
Літара а пішацца: |
Літара э пішацца: |
Правапіс спалучэн-няў ро-ры, ло-лы |
|
1) год, скрозь, шоўк, ордэн, офiс, Ватэрлоа; 2)нон-стоп, поп-мода, хот-дог; 3) обер-лейтэ-нант, обер-афіцэр |
1) шаўкі, рака, жамчужны; 2)шніцаль, світар, лідар, камп’ютар, фламастар, скутар |
1)жэмчуг, шэрсць, рэкі; 2) эх, эй, эге, эге-ге, гэй; 3)эцюд, эмблема; 4)ветэран, дэлегат; 5)рэдкавалосы, шэравокі; 6) адгэтуль, гэтак; 7) купэ, каратэ, кафэ |
бровы—брыво, гром--грымець, глотка—глытаць, блохі—блыха, кроў—крывавы, дровы—дрывотня, крошка—крышыць |
На этапе праверкі разумення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу прапаную вучням выбарачны дыктант: 1) выпісаць толькі словы з літарамі о, э; 2) графічна вызначыць арфаграмы; 3) скласці 3 словазлучэнні са словамі. Напрыклад: ж..рдка, ж..мчуг, ш..сцёрка, ш..ры, ж..мчужына, наш..сце, ч..рствы, р..ка, р..кі, с..рца, с..рдэчны, шніц..ль, камп’ют..р, х..лад, мар..з, мар..зы, гр..м, гр..мець, кр..шка, кр..шыць, карат.., майст.рня, майст..р, в..блака.
На этапе замацавання новага вучэбнага матэрыялу прапаную заданне: змяніць словы або падабраць аднакаранёвыя так, каб галосныя о, э сталі не пад націскам (клопат, звон, шэрсць, дождж, колер, шэпт, чорны, полымя, сэрца, розум, шоўк). Выкарыстоўваю прыём “Карэктар” (запісаць словы, выправіўшы памылкі; графічна вызначыць арфаграмы і растлумачыць правапіс слоў: выстрэл, карыспандэнт, почэрк, слова, трэвога, сакрэтар, рэмонт, шчебет, шчэбятаць, космічны, горысты, кровавы, пчоляр, распубліка, сэрдэчны, рэчны). На этапе падвядзення вынікаў урока вучні выконваюць тэставую работу “Правапіс слоў з літарамі о, э – а”. На этапе інфарміравання аб дамашнім заданні прапаную заданні на выбар: падабраць 5 загадак (прыказак, прымавак) з літарамі о, э, а, вызначыць арфаграмы; скласці 5 тэставых заданняў па тэме ўрока; падабраць 4 рады слоў да задання “Знайдзі лішняе слова”.
У 6 класе для павышэння арфаграфічнай граматнасці вучняў выкарыстоўваю індывідуальныя заданні-карткі па ўсіх тэмах арфаграфіі, рознаўзроўневыя арфаграфічныя заданні, тэставыя заданні, комплексную работу з тэкстам, складанне словазлучэнняў і сказаў, пераклад слоў, словазлучэнняў, тэкстаў. Пры вывучэнні тэмы “Правапіс -н-, -нн- у прыметніках” на этапе праверкі дамашняга задання паўтараем тэму “Правапіс у і ў” (табл. 3).
Табліца 3
Бліц-тэст “Правапіс слоў з літарамі о, э – а”
|
А1. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару ў: 1) та..сценны; 2) ва ..ніверсітэце; 3) гучнае “..ра” 4) гармонік ..зяў у рукі. |
А2. Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску трэба пісаць літару у: 1) мо..ны; 2) пайшоў .. кіно; 3) ра..нінны; 4) накры..ка. |
На этапе падрыхтоўкі да актыўнага засваення вучэбнага матэрыялу для павышэння матывацыі вучняў арганізую работу па паўтарэнні вядомых тэрмінаў (суфіксальны спосаб утварэння прыметнікаў, утваральная аснова, словаўтваральныя суфіксы, формаўтваральныя суфіксы, суфіксы са значэннем ацэнкі) і прапаную ў папэрэднім заданні (бліц-тэст) вызначыць прыметнікі, паспрабаваць растлумачыць іх правапіс (праблемнае пытанне) і вызначыць тэму ўрока. На этапе засваення новых ведаў арганізую калектыўную працу з тэарэтычным матэрыялам падручніка і падрабязным аналізам прыкладаў. На этапе замацавання новага вучэбнага матэрыялу спачатку выконваем практыкаванне (запісаць словы, вызначыць утваральную аснову, зрабіць выснову пра напісанне -н-, -нн- у залежнасці ад утваральнай асновы: калядны, вячэрні, санны, песенны, шкляны, дзённы, шырачэнны, даўжэнны, палымяны), потым пішам размеркавальны дыктант. Пасля тлумачэння правапісу -н-, -нн- у прыметніках прапаную вучням выканаць рознаўзроўневыя заданні. Формы праверкі дадзеных заданняў кожны раз вар’ірую: вусныя адказы, пісьмовая работа на дошцы і калектыўная праверка, самаправерка, узаемаправерка, каменціраванае пісьмо. На этапе падвядзення вынікаў урока выкарыстоўваю прыём “Пільнае вока”. На этапе інфарміравання аб дамашнім заданні прапаную заданні на выбар: запісаць прыметнікі, устаўляючы прапушчаныя літары, графічна растлумачыць правапіс -н-, -нн-; скласці 5 тэставых заданняў па тэме ўрока; напісаць міні-сачыненне “Зімой у лесе” з выкарыстаннем 8-12 прыметнікаў з -н, -нн-.
У 7 класе пры вывучэнні тэмы “Правапіс прыслоўяў праз дэфіс” на этапе праверкі дамашняга задання паўтараем тэму “Правапіс падоўжаных зычных” (заданне “Падбяры сваякоў”), у працэсе выканання якога вучні падбіраюць па пяць слоў з аналагічным напісаннем (да слоў насенне.., суддзя.., Ульяна.., лью.., група.., ванна…). Напісанне кожнага слова абавязкова суправаджаецца графічным абазначэннем арфаграм і тлумачэннем правапісу (тэарэтычны матэрыял) па апорным канспекце. Тэарэтычны матэрыял правяраю пры дапамозе прыёму “Тэма ў пытаннях” (вучні ў парах на працягу 1-2 хвілін задаюць адзін аднаму пытанні).
На этапе падрыхтоўкі да актыўнага засваення новага вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваю тэкст “Лясное возера” (заданне: вызначце стыль і тып тэксту, знайсці прыслоўі, паспрабаваць растлумачыць іх правапіс). Такім чынам разам вызначаем тэму і задачы ўрока. На этапе засваення новых ведаў арганізую калектыўную работу з тэарэтычным матэрыялам апорнага канспекта, аналізуем прыклады, тлумачым правапіс прыслоўяў, якія знайшлі ў вышэйназваным тэксце. На этапе замацавання новага вучэбнага матэрыялу калектыўна выконваем вуснае практыкаванне, тлумачым правапіс прыслоўяў (абы-як, куды-небудзь, далёка-далёка, сюды-туды, па-новаму, па-сяброўску, па-сабачы, па-другое, на-бацькоўску, шыта-крыта, дэ-факта), пішам выбарачны слоўнікавы дыктант і яшчэ раз звяртаемся да тэарэтычнага матэрыялу з мэтай карэкцыі ведаў. Прапаную выканаць заданне па варыянтах, індывідуальныя заданні па картках. Выкананне заданняў правяраем, аналізуем правапіс прыслоўяў і пераходзім да выканання рознаўзроўневых заданняў. На этапе падвядзення вынікаў урока выкарыстоўваю прыём “Ліст з белымі плямамі” (дапісаць па 3 прыслоўі да кожнага рада).
Пабудаваная такім чынам работа садзейнічае ўсвядомленаму і канкрэтнаму ўспрыманню вучэбнага матэрыялу, павышэнню арфаграфічнай граматнасці вучняў і пераходу да сістэматычнай самастойнай работы ў 8-9 класах.
У 8 классе пры вывучэнні тэмы “Сказы з аднароднымі членамі” на этапе праверкі дамашняга задання паўтараем тэму “Правапіс мяккага знака” шляхам выканання тэставага задання. На этапе падрыхтоўкі да актыўнага засваення новага вучэбнага матэрыялу выкарыстоўваю тэкст “Зіма ў лесе” (заданне: прачытаць тэкст, скласці слоўнікавы дыктант (15 слоў) на правапіс е, ё, я, правапіс глухіх зычных, правапіс не (ня) са словамі розных часцін мовы; графічна растлумачыць правапіс слоў). Вучні зачытваюць сказы з аднароднымі членамі (апора на раней набытыя веды пра аднародныя члены сказа). Праводжу гутарку па пытаннях: Якія члены сказа называюцца аднароднымі? Якімі часцінамі мовы з’яўляюцца аднародныя члены ў сказах тэкста? Як спалучаюцца паміж сабой аднародныя члены ў сказах? На этапе засваення новых ведаў арганізую калектыўную работу з тэарэтычным матэрыялам падручніка (аналізуем разам тэарэтычны матэрыял, прыклады, разглядаем умовы пастаноўкі знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа). Прапаную калектыўна выканаць практыкаванне з падручніка (запісаць сказы, графічна вызначыць аднародныя члены сказа, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку; графічна растлумачыць правапіс некаторых слоў); запісваем на дошцы некалькі сказаў, расстаўляем знакі прыпынку пры аднародных членах сказа. На этапе замацавання новага вучэбнага матэрыялу прапаную выканаць рознаўзроўневыя заданні. Праверка выканання ўсіх практыкаванняў абавязкова суправаджаецца тлумачэннем напісанняў слоў (арфаграфічная работа) і тлумачэннем умоў пастаноўкі знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа. На этапе падвядзення вынікаў урока выкарыстоўваю тэставыя заданні (вызначыць сказы з аднароднымі членамі). На этапе інфарміравання аб дамашнім заданні прапаную заданні на выбар: запісаць сказы, расставіць знакі прыпынку, вызначыць аднародныя члены сказа; падабраць 10 сказаў з аднароднымі членамі, вызначыць аднародныя члены сказа і выканаць сінтаксічны разбор аднаго сказа; напісаць міні-сачыненне “Зімовы дзень”, выкарыстоўваючы сказы з аднароднымі членамі).
Падчас арганізацыі адукацыйнага працэсу варта памятаць пра тое, што для вучняў любога ўзросту матывацыяй навучання з’яўляецца займальнасць падачы тэарэтычнага і практычнага матэрыялу. Рэалізаваць пастаўленыя мэты і задачы дапамогуць разнастайныя рубрыкі, якія арыентуюць як на ўзнаўленне тэарэтычнага матэрыялу, так і на замацаванне ўменняў і навыкаў. Напрыклад, рубрыка “Стол даведак” (з тлумачальнага слоўніка падбярыце і запішыце тры мнагазначныя словы з тлумачэннем іх значэнняў; запішыце з імі сказы). Рубрыка “Творчая лабараторыя” (складзіце і запішыце тэкст-мініяцюру на адну з прапанаваных тэм: “Правілы паводзін на вуліцы”, “Як прыгатаваць…”, “Як змайстраваць…”). Рубрыка “Папрацуем перакладчыкамі” (перакладзіце словазлучэнні на беларускую мову, дзначце асаблівасці сінтаксічнай сувязі слоў у беларускай мове ў параўнанні з рускай: пойти за малиной, бродить по улицам, посмеяться над своими неудачами, два высоких дерева, способный к наукам, извините меня за опоздание).
Паслядоўна праведзеная работа па павышэнні арфаграфічнай пісьменнасці вучняў садзейнічае развіццю трывалых навыкаў літаратурнага вымаўлення і правапісу, выпрацоўцы спосабаў навучальнай дзейнасці і падрыхтоўцы вучняў да самастойнага стварэння сістэмы заданняў па арфаграфіі і пабудове лагічных ланцужкоў разважанняў у 9 класе. Самастойная дзейнасць вучняў па складанні заданняў садзейнічае развіццю арфаграфічнай граматнасці, неабходнай для асэнсавання законаў беларускай мовы, выяўлення значэння, формы выражэння і функцый моўных адзінак; развіццю рэфлексіўных, ацэначных уменняў і навыкаў. У 9 класе праведзена дыягностыка ўзроўню пазнавальнай актыўнасці і пазнавальнай патрэбнасці вучняў, якая паказала, што 88% вучняў маюць высокі і сярэдні ўзроўні пазнавальнай актыўнасці (малюнак 1). 88% вучняў могуць самастойна знайсці адказ на пастаўленае пытанне, 76% вучняў эмацыянальна адносяцца да цікавага для іх занятку, 80% вучняў задаюць пытанні пры вывучэнні вучэбнага матэрыялу (малюнак 2).
Прааналізаваўшы сваю дзейнасць і дзейнасць вучняў, прыйшла да высновы, што сістэматычнае выкарыстанне эфектыўных заданняў па арфаграфіі садзейнічае аптымізацыі дзейнасці вучняў за кошт змены відаў работы, актыўнаму ўдзелу іх у пазнаваўчым працэсе, дазваляе вучням вызначыць індывідуальны адукацыйны маршрут з улікам здольнасцей і інтарэсаў.
Дадзены педагагічны вопыт актуальны ва ўмовах павышэння арфаграфічнай граматнасці, сацыяльнага, прафесійнага і культурнага самавызначэння вучняў.
Спіс літаратуры
- Канцэпцыя вучэбнага предмета «Беларуская мова»//Адукацыйны партал www.adu.by/ Нацыянальны ін-т адукацыі
- Босы, І. Ч. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці праз дыферэнцыяцыю навучання/ І. Ч. Босы// Беларуская мова і літаратура. – 2007. – № 4. – С. 3–7
- Падласы, І. П. Педагогіка: Новы курс: вучэб. для студ. выш. вучэб. устаноў: у 2 кн. Ч. 1/І. П. Падласы. – Масква: Гуманіт. выд. Цэнтр ВЛАДОС, 2009. – 527 с.
- Старыкава, М.Р. Сучасны урок: дапаможнік для педагогаў, адміністрацыі агульнаадук. устаноў, работнікаў Р(Г)ВМК/склад. М.Р. Старыкава. – Мазыр: Белы вецер, 2015. – 95с.
- Шамава, Т.І. Актывізацыя навучання школьнікаў/ Т.І. Шамава. – Масква: Педагогіка, 1990. – 208с.
- Шчукіна, Г. І. Педагагічныя праблемы фарміравання пазнавальных інтарэсаў вучняў/ Г. І . Шчукіна. – М.: Педагогіка. – 1998. – 208 с.